Пасланне да Ражджаства Хрыстовага Патрыярха Маскоўскага і ўсяе Русі КІРЫЛА

Пасланне да Ражджаства Хрыстовага Патрыярха Маскоўскага і ўсяе Русі КІРЫЛА архіпастырам, пастырам, дыяканам, манахам і ўсім верным дзецям Рускай Праваслаўнай Царквы

Узлюбленыя ў Госпадзе архіпастыры, пачэсныя прасвітары і дыяканы, богалюбівыя інакі і інакіні, дарагія браты і сёстры!

Сардэчна віншую ўсіх вас з вялікім святам Ражджаства Хрыстовага: святам нараджэння па плоці ад Духа Святога і Прачыстай Дзевы Марыі Госпада і Спасіцеля нашага Іісуса Хрыста. Сёння мы заклікаем усіх людзей разам з Царквой уславіць Тварца і Стваральніка: «Спявай Госпаду, уся зямля» (ірмос 1-й песні канона Ражджаству Хрыстоваму).

Усеблагі Бог, Які любіць Сваё стварэнне, пасылае Адзінароднага Сына — доўгачаканага Месію, каб Ён здзейсніў справу нашага спасення. Сын Божы, Які ва ўлонні Айца (Ін. 1, 18), робіцца Сынам Чалавечым і прыходзіць у наш свет, каб вызваліць нас Сваёю крывёю ад граху і каб джала смерці больш не страшыла чалавека.

Мы ведаем, што мудрацы, якія пакланіліся Хрысту, прынеслі Яму дары. Які ж дар мы можам прынесці Бажэственнаму Настаўніку? Той, пра які Ён Сам нас просіць: «Аддай сэрца тваё мне, і вочы твае няхай назіраюць шляхі мае» (Прытч. 23, 26). Што значыць аддаць сэрца? Сэрца — гэта сімвал жыцця. Калі яно перастае біцца, чалавек памірае. Аддаць сэрца Богу — значыць прысвяціць Яму сваё жыццё. Гэтае прысвячэнне не патрабуе ад нас адрачэння ад усяго, што ў нас ёсць. Мы закліканы толькі выдаліць з сэрца тое, што замінае Божай прысутнасці ў ім. Калі ўсе думкі заняты толькі ўласным «я», калі ў сэрцы няма месца бліжняму, тады і Госпаду няма ў ім месца. А прысутнасць бліжняга ў сэрцы залежыць перш за ўсё ад нашай здольнасці перажываць боль другога чалавека і адклікацца на яе справамі міласэрнасці.

Гасподзь патрабуе ад нас назіраць шляхі Яго. Назіраць шляхі Божыя — значыць бачыць Божую прысутнасць у сваім жыцці і ў чалавечай гісторыі: бачыць праявы як Божай любові, так і Яго праведнага гневу.

Мінулы год у жыцці нашага народа быў напоўнены ўспамінамі аб трагічных падзеях XX стагоддзя і распачатых ганеннях на веру. Мы ўзгадвалі подзвіг новамучанікаў і вызнаўцаў, якія трывала засведчылі сваю адданасць Хрысту. Але нават у гэты грозны для краіны час Гасподзь паказаў нам Сваю міласць: пасля вымушанага дзвюхсотгадовага перарыву было адноўлена Патрыяршаства ў Рускай зямлі, і Царква ў цяжкую часіну выпрабаванняў здабыла ў асобе свяціцеля Ціхана, абранага Прадстаяцелем, мудрага і мужнага пастыра, руплівымі малітвамі якога прад прастолам Усявышняга Тварца наша Царква і народ змаглі прайсці праз горан выпрабаванняў.

Зараз мы перажываем асаблівы перыяд: беды не пайшлі са свету, штодзень мы чуем пра войны і чуткі аб войнах (Мт. 24, 6). Але колькі ж любові Божай  выліваецца на род людскі! Свет існуе насуперак сілам зла, а чалавечая любоў, сямейныя каштоўнасці — насуперак неверагодным намаганням канчаткова іх разбурыць, апаганіць і сказіць. Вера ў Бога жыве ў сэрцах большасці людзей. А Царква наша, нягледзячы на дзесяцігоддзі ганенняў у нядаўнім мінулым і на запушчаныя механізмы падрыву яе аўтарытэту ў сучаснасці, была, застаецца і заўсёды будзе месцам сустрэчы з Хрыстом.

Верым, што, прайшоўшы праз сённяшнія выпрабаванні, народы гістарычнай Русі захаваюць і абнавяць сваё духоўнае адзінства, стануць матэрыяльна квітнеючымі і сацыяльна паспяховымі.

Ражджаство Хрыстова з’яўляецца цэнтральнай падзеяй чалавечай гісторыі. Людзі заўсёды шукалі Бога, але ва ўсёй магчымай для нас паўнаце Стварыцель адкрыў Сябе — Трыадзінага Бога — роду чалавечаму толькі праз уцялесненне Адзінароднага Сына. Ён прыходзіць на грэшную зямлю, каб зрабіць людзей вартымі спрыяння Айца Нябеснага і закласці цвёрды падмурак міру, запаведаўшы: «Мір пакідаю вам, мір Мой даю вам» (Ін. 14, 27).

Няхай будзе гэты год для народа нашага, для народаў гістарычнай Русі і ўсіх народаў зямлі годамі мірным і паспяховым. Няхай народжанае ў Віфлееме Богадзіця дапаможа нам здабыць надзею, якая перамагае страх, і праз веру адчуць сілу Божай любові, якая праабражае чалавечае жыццё. Амінь.

 

 

+ Кірыл, Патрыярх Маскоўскі і ўсяе Русі

Ражджаство Хрыстова 2017/2018 г. Масква

 

 

http://www.patriarchia.ru

 

Бобруйская епархия © 2018 ·   Войти   · Дизайн: иер. Алексий Болотов Наверх