Прыродную крынічку, а разам і купель асвяцілі 18 студня, напярэдадні Хрышчэння Гасподня, у в. Дубаўка Цялушскага сельсавета.
Цырымонію асвяшчэння правёў настаяцель Георгіеўскага храма г. Бабруйска, пратаіерэй Генадзь Вейга. Удзел у мерапрыемстве прынялі прадстаўнікі райвыканкама на чале са старшынёй Міхаілам Крыцкім, дэпутацкага корпуса, грамадскіх фарміраванняў, кіраўнікі і працаўнікі раённых арганізацый, мясцовыя жыхары і інш.
З упэўненасцю можна сказаць, што на Бабруйшчыне з’явілася яшчэ адно знакавае месца, цікавае і для тутэйшых жыхароў, і для гасцей раёна.
Месца, дзе можна не толькі адпачыць, палюбавацца хараством прыроды, спагнаць спякоту, наталіцца крынічнай вадой, але, як заўважыў протаіерэй Генадзь Вейга, задумацца аб сваім жыцці, учынках, ачысціць душу, укараніцца ў веры, натхніцца на добрыя справы.
Ключы ад крынічкі і купелі кіраўнік раёна перадаў старшыні Цялушскага сельвыканкама Мікалаю Сакуну з наказам, каб доступ да іх быў неабмежаваны.
Ідэя добраўпарадкаваць месца, дзе спрадвеку біла крыніца, у раённай улады ўзнікла колькі год таму. Увесну мінулага года тут пачаліся работы, у якіх актыўна паўдзельнічалі многія раённыя арганізацыі, у прыватнасці, Бабруйскі лясгас, жылкамгас, філіял “Харчавік-Агра” ААТ “Чырвоны харчавік-АграСэрвіс”, ААТ “Міхалёўская Ніва”, мясцовы сельвыканкам і інш.
Побач з крынічкай вырашана было пабудаваць купель, а таксама летні домік для адпачынку. Узведзеныя з дрэва аб’екты арганічна ўпісаліся ў прыродны ландшафт. Хочацца спадзявацца, што для наведвальнікаў гэтае намоленае месца стане прыцягальным, тэрыторыя крынічкі грамадзянамі будзе ўтрымлівацца ў чысціні і парадку.